Святая Кацярына

СВЯТАЯ КАЦЯРЫНА  СІЕНСКАЯ

Італьянская містычка, якая жыла ў XIV стагоддзі, зрабіла вялікі ўплыў на тагачаснае жыццё Касцёла. Сваімі лістамі яна пераканала Папу, які знаходзіўся ў так званым «авіньёнскім палоне», вярнуцца ў Рым. Святая Кацярына і дагэтуль з’яўляецца прыкладам спалучэння глыбокай кантэмпляцыі Божых спраў з інтэнсіўнай апостальскай дзейнасцю. Яе «Дыялог пра Божы Провід» належыць да класікі твораў містычнай літаратуры.

У гісторыі Касцёла з’яўляліся выбітныя жанчыны. Марыя — першая сярод іх. Мы ўспамінаем таксама святую Моніку, матчыны слёзы і гарачыя малітвы якой прывялі да навяртання яе сына, Аўгусціна. Сёння мы захапляемся геніем святой Хільдэгарды Бінгенскай, сярэднявечнай містычкі: лекара, кампазітара…

У перыяд так званага авіньёнскага палону Папаў вялікую ролю адыграла дзейнасць святой Брыгіты Шведскай. Яна імкнулася паспрыяць вяртанню Святога Айца на Сталіцу Пятра ў Рыме. Тое, чаго не ўдалося здзейсніць святой Брыгіце, праз некалькі гадоў вымаліла святая Кацярына Сіенская. Кім жа яна была?

Яна нарадзілася ў 1347 годзе ў сям’і сіенскага фарбавальніка Якуба Бенінказы. Сям’я Якуба і яго жонкі Лапы была вялікай — сужэнцы мелі 25 дзяцей. Здзіўляе той факт, што Кацярына ўжо ва ўзросце 7 гадоў ахвяравала Богу сваё дзявоцтва.

Калі дзяўчына замест падрыхтоўкі да сужэнства праводзіла доўгія гадзіны на малітве, маці спрабавала сілаю прымусіць яе змяніць свой лад жыцця. Тады Кацярына пайшла на радыкальны, як на той час, крок — абстрыгла доўгія валасы, якія былі яе аздобай. Разгневаная маці вырашыла пакласці канец дзівацтвам дачкі і прызначыла ёй служэнне хатняй прыслугі.

Кацярына паслухмяна выконвала ўсе свае абавязкі. Праз брак часу на малітву яна вучылася прабываць са сваім Умілаваным у цэлі свайго сэрца. Калі маці ўбачыла, што нішто не зменіць дзяўчыну, яна дазволіла ёй урэшце далучыцца да Сёстраў ад Пакуты святога Дамініка. Гэта былі дамініканскія тэрцыяркі, якія збіраліся на супольныя малітвы, а, жывучы паасобку, здзяйснялі справы міласэрнасці.

Для Кацярыны пачаўся час прабывання сам-насам з Боскім Абраннікам. Дзяўчына вяла суровае жыццё, адданае малітве, пастам і пакуце. Яна спазнавала Бога — Таго, Хто ёсць, і сябе — тую, якой няма.

Пасля трох гадоў укрытага жыцця Езус загадаў ёй распачаць апостальскае служэнне. Тады яна цалкам прысвяціла сябе служэнню ўбогім, хворым і патрабуючым. Яна была надзелена надзвычайнымі дарамі Духа Святога, а паслухмянасць Яго натхненням прынесла плён у здольнасці спалучаць глыбокую кантэмпляцыю Божых таямніц і разнастайнае служэнне.

ЯКОЕ ЗНАЧЭННЕ МАЕ ДЛЯ НАС ПОСТАЦЬ СВЯТОЙ КАЦЯРЫНЫ?

Святая Кацярына вучыць, як на практыцы рэалізоўваць прынцып Contemplata aliis tradere («Перадаваць плады кантэмпляцыі»).
Яна паказала, што дзякуючы Божай ласцы магчыма спалучаць апостальскую дзейнасць і глыбокае духоўнае жыццё.

Падобна да святога Дамініка, Кацярына змагалася за людскія душы праз прыняцце суровай пакуты. Прагнучы збаўлення для грэшнікаў, яна амаль што выклікала Бога на сур’ёзную размову. Святая лічыла за лепшае, каб Божы гнеў упаў на яе, чым на гэтых людзей.

Кацярына таксама з’яўляецца ўзорам хрысціяніна, які рупіцца пра Касцёл. Яна пісала лісты Святому Айцу, у якіх горача заклікала яго вярнуцца ў Рым з Авіньёна. Яе ўмяшанне прынесла плён.

Сёння дамініканкі таксама прагнуць выяўляць салідарнасць з Папам. Прыкладам  цалкавітага аддання жыцця для спраў Касцёла і Папы з’яўляецца для нас святая Кацярына Сіенская. 

Святая Кацярына любіла Езуса Укрыжаванага, і Ён дазволіў ёй прыпадобніцца да Сябе праз дар стыгматаў. Аднак яны мелі выгляд не ранаў, а крывавых промняў.

У адным са сваіх лістоў яна пісала: «У боку ўкрыжаванага Хрыста вы знойдзеце крыніцу любові; я хачу, каб вы там падрыхтавалі сабе месца і жыллё. Таму заставайцеся з вялікім і гарачым прагненнем; ідзіце, увайдзіце і застаньцеся ў гэтым салодкім жыллі, і ніводнае стварэнне, ніводзін дух не пазбавіць вас ласкі і не перашкодзіць у дасягненні мэты, якою з’яўляецца бачанне Бога і сузіранне Яго з асалодаю. Больш нічога не дадаю. Заставайцеся ў святой і салодкай любові Бога. Любіце адзін аднаго, любіце адзін аднаго ўзаемна».