Любоў нараджаецца ў супольнасці, якая з’яўляецца адным з галоўных слупоў дамініканскай духоўнасці. Калі святы Дамінік выбіраў статут для сваіх братоў, ён вырашыў, што яны будуць жыць паводле Статуту святога Аўгустына — на ўзор першых хрысціянскіх супольнасцей. Такім чынам, супольнае жыццё належыць да самой сутнасці дамініканскага шляху.
У нашай штодзённасці важныя тры элементы. Першы з іх — гэта супольная малітва.
Дамініканская літургія сама па сабе вельмі прыгожая і багатая, яна дапамагае ўздымаць дух да Бога. Аднак гаворка ідзе не толькі пра вонкавую прыгажосць. Вядома, важна ўкладаць у малітву ўсё сваё сэрца, але чалавек не заўсёды мае сілы спяваць і цэлебраваць набажэнствы аднолькава ўрачыста. Нягледзячы на гэта, многія сёстры адчуваюць, як супольнасць літаральна нясе іх у малітве, калі яны самі вельмі стомленыя пасля цяжкага працоўнага дня. Іншым разам яны самі сваёй гарачай малітвай падтрымліваюць і нясуць тых сясцёр, якія адчуваюць стомленасць.
Другім важным элементам з’яўляецца супольны пасілак. Гэта сустрэча за адным сталом, якая становіцца добрым урокам еднасці, сумеснай радасці і шчырай удзячнасці за усе Божыя дары.
Трэцім неад’емным элементам нашага жыцця з’яўляецца супольная праца і адпачынак. У дамініканскай традыцыі важна не толькі разам маліцца, але і дзяліць звычайныя будні: сумесныя абавязкі, клопат пра дом, а таксама хвіліны адпачынку, напоўненыя шчырымі размовамі, супольнай радасцю і падтрымкай. Менавіта тут, у простай штодзённасці, наша любоў да Бога і чалавека праходзіць праверку і становіцца сапраўднай.