Пра нас

Сёстры не павінны мець іншай мэты, акрамя шчырай працы дзеля пашырэння Валадарства Божага ў душах

Маці Калумба Бялэцкая

Мы — Сёстры Дамініканкі, манаская супольнасць, якая прысвяціла сваё жыццё Богу і ахвярнаму служэнню людзям. Ісці за Хрыстом для нас азначае бачыць патрэбы кожнага чалавека так, як іх бачылі святы Дамінік і нашая заснавальніца — Маці Калумба Бялэцкая. Наша супольнасць імкнецца быць менавіта там, дзе людзі найбольш чакаюць суцяшэння, падтрымкі і Добрай Весткі.

Галоўная мэта Сясцёр Дамініканак — дзяліцца евангельскай праўдай з кожным, каму найбольш патрэбна дапамога. Маці Калумба заўсёды жадала, каб сёстры не закрываліся ад свету, а жылі яго турботамі і радасцямі. Таму мы ўважліва прыслухоўваемся да голасу Касцёла і намагаемся глыбока асэнсоўваць складаныя пытанні веры і маралі, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек.

Нашае прагненне — быць для людзей надзейнай апорай і шчырымі сябрамі. У сваім штодзённым жыцці мы кіруемся духоўным запаветам Маці Калумбы: «Для Езуса ў Гостыі жыві, і тады перад табою адкрыецца новы свет». Гэты заклік натхняе нас шукаць і адкрываць Новы Свет — прастору Божага Валадарства, перамененую любоўю, міласэрнасцю і супакоем. І гэты шлях мы хочам прайсці разам з вамі.  Даведацца больш…